Мэты, задачы, прынцыпы выхавання патрыятычных пачуццях ў дашкольнікаў.

 

Сутнасць патрыятычнага выхавання заключаецца ў тым, каб пасеяць і вырасціць у дзіцячай душы насенне любові да роднай прыроды, да роднага дому і сям’і, да гісторыі і культуры сваёй краіны, створанай працай родных і блізкіх людзей – тых, каго называюць суайчыннікамі. Навучыць быць чуйным да прыгажосці роднай зямлі, прыгажосці чалавека, які жыве на гэтай зямлі, выхаваць любоў да родных мясцін, да ўсяго таго, што знаходзіцца навокал дзіцяці – адна з галоўных задач педагога. Фарміраваць глыбокую прывязанасць да Радзімы можна толькі пры той умове, калі з першых крокаў на Зямлі педагог будзе выхоўваць дзіця на лепшых традыцыях, культуры, падзеях, цесна звязаных з гісторыяй роднага краю.

Пераняць і засвоіць гістарычныя, маральныя, духоўныя і эстэтычныя каштоўнасці ў самым раннім узросце –гэта самы даступны і правільны шлях патрыятычнага выхавання, фарміравання пачуцця любові да Айчыны. Пераняць – гэта значыць зрабіць сваім тое, што назапашана мінулымі пакаленнямі.

Дашкольніку неабходна навучыцца правільна карыстацца культурнымі каштоўнасцямі народа, берагчы іх, памнажаць, захоўваць і ў далейшым перадаваць наступным пакаленням.

Патрыятычнае выхаванне – гэта працэс засваення традыцый айчыннай культуры. Народная культура з’яўляецца носьбітам мудрых ісцін, якія даюць узор адносін да прыроды, сям’і, роду, Радзімы. Гэтыя ісціны выпрацаваны і ўдасканалены стагоддзямі, правераны на практыцы асабістага жыцця кожнага чалавека, пераўтварыліся ў пазітыўны вопыт многіх пакаленняў і зараз запатрабаваны народам.

Культура роднага краю павінна ўвайсці ў сэрца выхаванца і стаць неад’емнай часткай яго душы. Веданне гісторыі і культуры свайго народа дапаможа ў далейшым з большай павагай і цікавасцю ставіцца да гісторыі і культуры іншых народаў. Як сведчаць гісторыкі, ёсць адзіны шлях выжывання нацыі – гэта шлях зберажэння сваёй культуры і самабытнасці, мірнае суіснаванне з іншымі народамі, узаемаадносіны і ўзаемаўзбагачэнне культур.

Педагогам дашкольных устаноў неабходна быць мудрымі, цярплівымі, паслядоўнымі пры выхаванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў да сваёй Радзімы. Важна ў рабоце з дашкольнікамі ўлічваць усе накірункі і бакі патрыятычнага выхавання (гісторыя, культура, традыцыі, каштоўнасці, родная мова, вуснае паэтычнае мастацтва, літаратура, промыслы, рамёствы, прырода, чалавек і яго праца на роднай зямлі, чалавек – старанны працаўнік на карысць Радзімы, дасягненні краіны, сям’я як каштоўнасць грамадства і інш.).

Разнастайнасць накірункаў работы па станаўленні пачаткаў патрыятызму патрабуе абагульненых мэт, змест якіх раскрывае:

  • засваенне традыцыйнай айчыннай культуры;
  • фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця грамадзяніна пры мэтанакіраваным росце ўзаемаразумення, павагі і дружбы паміж людзьмі розных нацыянальнасцей (менталітэт, талерантнасць);
  • закладванне этычных, эстэтычных і маральных асноў: чалавечнасці, гуманнасці, умацаванне духоўных сувязей паміж дарослымі і дзецьмі, бачанне і разуменне прыгажосці ў жыцці і асяроддзі;
  • асабова арыентаванае фізічнае і працоўнае выхаванне ў кантэксце эмацыянальна-інтэлектуальнага развіцця дзіцяці;
  • узаемасувязь чалавека і прыроды, чалавека і сям’і, чалавека і грамадства.

Такім чынам, калі мы разважаем пра феномен патрыятызму, то ў першую чаргу маем на ўвазе яго састаўныя элементы. сярод іх вылучаецца ўзаемадзеянне дарослых і дзяцей у сумеснай дзейнасці і зносінах, накіраваных на раскрыццё і фарміраванне ў дзіцяці агульначалавечых маральных якасцей асобы, далучэнне да вытокаў нацыянальнай рэгіянальнай культуры, прыроды роднага краю, выхаванне эмацыянальна-дзейнасных адносінаў, пачуцця еднасці з навакольнымі людзьмі, разуменне сябе непарыўнай часткай акаляючага свету.

Таму патрыятычны накірунак у дашкольнай установе ўключае цэлы комплекс задач:

  • фарміраванне ў дзяцей духоўна-маральных адносін, любові і прывязанасці да сям’і, роднага дому, дзіцячага саду, роднай вуліцы, горада, вёскі, краю, Радзімы;
  • выхаванне паважліва-беражлівых адносін да прыроды роднага краю, жаданне далучацца да яе абароны;
  • выхаванне павагі і любові да сваёй нацыі, разумення сваіх нацыянальных асаблівасцей праз лад жыцця, быт, абрады, гісторыю;
  • стварэнне сістэмы ведаў, пашырэнне ўяўленняў пра Радзіму – Рэспубліку Беларусь як міралюбівую і незалежную дзяржаву, выхаванне гонару за яе мінулае і сучаснае;
  • узбуджэнне і фарміраванне ўстойлівай цікавасці да сімвалаў дзяржавы: герба, сцяга, гімна;
  • развіццё пачуцця адказнасці і годнасці за дасягненні Радзімы, жаданне ўключацца ў пасільныя віды працы на карысць роднай краіны;
  • развіццё цікавасці, дзейнасных адносін да народных традыцый, роднай мовы, промыслаў, рамёстваў;
  • фарміраванне талерантнасці, пачуцця павагі, сімпатыі і цярплівасці да іншых людзей, народаў, іх традыцый;
  • выхаванне паважлівых адносінаў да чалавека-працаўніка і вынікаў яго працы, да роднай зямлі і яе абаронцаў;
  • фарміраванне ўменняў арыентавацца ў бліжэйшым прыродным і культурным асяроддзі і адлюстраваць гэта ў сваёй дзейнасці.

 

Працуючы над задачамі выхавання патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў, кожны педагог павінен будаваць сваю практыку ў дадзеным накірунку на аснове наступных прынцыпаў:

рэгіянальнасць, пазітыўны цэнтрызм і краязнаўчы прынцып (адбор самых актуальных для канкрэтнага ўзросту ведаў спачатку пра родныя мясціны, а потым набыццё ведаў пра родную краіну);

даступнасць, паступовасць, паўторнасць па спіралі;

цэласнасць, непарыўнасць і пераемнасць выхаваўча-адукацыйнага працэсу, адзінства педагагічнага ўзаемадзеяння;

даступнасць, нагляднасць, якая абапіраецца на вопыт дзіцяці, ідзе ад простага да складанага, адпавядае наглядна-дзейнаснаму і наглядна-вобразнаму мысленню, забяспечвае разуменне, моцнае запамінанне;

прынцып асабовай арыентацыі, дыферэнцыяцыі ў дачыненні да кожнага дзіцяці, максімальны ўлік яго псіхафізіялагічных асаблівасцей, жаданняў, інтарэсаў, падтрымка на ўзроўні яго магчымасцей, апора на станоўчае; суб’ектнасць разглядаецца як свабода выбару віду, формы заняткаў, партнёра па зносінах, дзейнасці, сродкаў і спосабаў атрымання ведаў, назапашвання духоўнага і сацыяльнага вопыту, добраахвотнае ўключэнне ў працэс пазнання;

рацыянальнае спалучэнне розных відаў дзейнасці, адэкватных узросту, баланс інтэлектуальных, эмацыянальных і рухальных нагрузак;

развіваючы характар навучання, заснаваны на актыўных метадах пазнання навакольнага свету. Абапіраецца на зону актуальнага развіцця (што дзіця можа выконваць самастойна) і на зону бліжэйшага развіцця (заўтрашні дзень узроўню развіцця, што дзіця можа зрабіць у супрацоўніцтве з дарослым);

актыўнасці і ініцыятыўнасці ў час пошукава-творчай даследчай самастойнай дзейнасці, збалансаванасць рэпрадуктыўнай дзейнасці, якая ўзнаўляе гатовы ўзор, і самастойнай прадуктыўнай дзейнасці дзіцяці;

эмацыянальна-эстэтычныя адносіны да прадмета вывучэння.

Прынцып інтэгратыўнасці і комплекснасці, накіраваны на міжпрадметныя сувязі, пранікненне адной тэмы ў розныя віды і формы работы; тэматычны падыход, які прадугледжвае дзяленне матэрыялу на асноўныя тэматычныя блокі і сістэму цыклаў заняткаў і іншых формаў работы; сатворчасць і супрацоўніцтва педагогаў, дзяцей і бацькоў – фарміраванне рознаўзроставых аб’яднанняў, накіраваных на вынаходніцтва, адкрыццё, пераўтварэнне.